Свята аграгарадка Гірмантаўцы “Люблю цябе, мой родны край”

У нядзелю 14 жніўня 2022 года ўсе жыхары Гірмантаўцаў ад мала да вяліка святкавалі 110-годдзе з дня ўтварэння свайго роднага и непаўторнага аграгарадка. Распачаў праграму свята старшыня Гарадзішчанскага сельвыканкама В.А.Галецкі.
Сення, ды і ва ўсе часы, галоўным багаццем вескі былі і ёсць людзі, людзі працавітыя, добрыя і сумленныя, шчырыя і гасцінныя.
Старшыня ўручыў дыпломы і падарункі самаму старэйшаму 95-ці гадоваму жыхару Гірмантаўцаў Н.М.Хупчанка і самаму маленькаму – Арцему Русаку. Ушаноўвалі на мерапрыемстве і юбіляраў, якія ў гэтым годдзе святкуюць свае дні нараджэнні. Узрост самага малодшага юбіляра 45 гадоў, а старэйшага – 95. Граматы атрымалі руплівыя гаспадары і гаспадынькі аграгарадка, “у якіх і хата, як лялька стаіць, і плот, як карцінка, і агарод дагледжаны, а надворак кветкамі зіхаціць”. Словы ўдзячнасці і падзякі прагучалі ў адрас хлебаробаў, паляводаў, працаўнікоў ферм, усіх, хто самааддана і добрасумленна працуе у гаспадарцы, сацыяльнай інфраструктуры.
Упрыгожаннем свята стала выстава-продаж дэкаратыўна-прыкладной творчасці мясцовых майстроў. Вачэй было не адвесці ад створанага чалавечымі рукамі. Тут і рэчы з лазы майстра Д.А Ефімава, карункавыя сурвэткі З.Д.Цвілевіч, упрыгожванні для дзяўчынак у тэхніцы канзашы А.В.Налівайка і дэкаратыўная лепка з пластыліну самага юнага майстра Лізы Лаўрынчык, фотаздымкі Д.Л.Тахтаравай. А які смачны водар вітаў у паветры каля выставы кулінарных шэдэўраў удзельнікаў аматарскага аб’яднання “Салодкае жыцце”…
Для юнага пакалення вяскоўцаў на працягу свята працавалі гульневыя атракцыёны, з якіх даносіліся захопленыя крыкі і шчаслівы смех дзятвы.
Служачыя МНС пажарна-аварыйнага выратавальнага паста №19 г.п. Гарадзішча знаёмілі дзяцей з працай пажарных машын і амуніцыяй.
На працягу свята гучалі песні вакальнай групы ветэранаў труда аматарскага аб’яднання “Вытокі” і ансамбля песні “Вечарынка” Палонкаўскага сельскага Дома культуры, асобных выканаўцаў Гірмантаўскага сельскага Дома культуры.
Адным словам, свята атрымалася на славу. Нават пасля завяршэння канцэрта, вяскоўцы не спяшаліся разыходзіцца - куплялі ў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці іх вырабы, шчыра дзякавалі артыстам за душэўныя песні, а загадчыку Дома культуры З. Д. Цвілевіч - за арганізацыю такога цёплага і душэўнага мерапрыемства.
Вядучы метадыст РМЦ Мікульская Т.У.
- Просмотров: 311