Удзельнікі народнага фальклорнага калектыва “Суседзі” ГпДК Гарадзішча наведаліся ў госці на падрыхтоўку вячэры на Вігілію

Каляда,Каляда…Нават зорам трывожна.
Па заблытаных сьцежках крутога жыцьця
Да сваіх ў гыты вечар сьпяшаецца кожны,
Дзе ў сям’і за сталом нас чакае куцьця
Л.Геніюш
Куцця на Вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня, у апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта, называлася поснай, галоднай або Вялікай куццёй. Трэба было галодным цэлы дзень чакаць гэтай вячэры, каб больш выразна адчуць радасць ад нараджэння Збаўцы. У адрозненне ад велікодных святаў, якія святкаваліся максімальна публічна, Вігілія мела падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста, прымусіўшы Марыю нарадзіць Яго ў стайні. На вячэру збіраліся пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні.
Перад пачаткам вячэры гаспадар дому павінен падзяліцца з сям’ёй асвечанай у касцёле аплаткай — сімвалам Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету. Бацька або хтосьці самы старэйшы ў сям’і пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адно да аднаго, ламаюць іх між сабой і абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. На Вігілію плялі саламяных «павукоў», якіх падвешвалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі («каляду»).
У залежнасці ад дабрабыту сям’і, на Вігілію падавалі звычайна ад 7 да 12 посных страваў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. Асноўнымі кампанентамі вігілійных страваў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушоных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г. д.), грыбная поліўка або грыбны квас, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушоная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі і інш. У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты («цукры»), арэхі, віно, з 1830-х гг. — гарбата.
Кацярына Круцько
- Просмотров: 1113