ГЛАВНАЯ

У Баранавіцкім раёне адбылося вяселле з элементамі мясцовых традыцый

1 1 1 1 1 1 1 1 1 1 Rating 5.00 (1 Vote)

На базе раённага цэнтра рамёстваў у аграгарадку Русіно 29 студзеня адбылося мерапрыемства “На парозе новага жыцця” з элементамі традыцыйнага вяселля. У аснову тэатралізаванага дзеяння былі пакладзены вясельныя традыцыі Баранавіцкага раёна, а галоўнымі героямі сталі сапраўдныя маладажоны – Ганна і Юрый Салавей.

Як расказала метадыст раённага цэнтра рамёстваў Ніна Коўш, гаспадары сустрэлі маладых хлебам-соллю, павязалі ім рукі чырвоным поясам і запрасілі прайсці ў дом абрадаў.

Тут жаніху і нявесце перад афіцыйнай рэгістрацыяй шлюбу супрацоўнікамі Вялікалукскага сельскага Савета прыйшлося прайсці шэраг выпрабаванняў: малады вязаў банны венік, малоў на жорнах муку, рамантаваў рагулі, з дапамогай якіх ставіў гаршок з бульбай у распаленую печ.

Маладая ж таўкла прыправы ў ступе, пляла першы сумесны пояс-абярэг, прасавала ручнік старадаўнім пранікам, як гэта рабілі ў даўнія часы.

А для таго, каб маладыя жылі ў багацці і шчасці, іх пасадзілі на лаву, засцеленую кажухом. Напрыканцы гаспадары падарылі маладым традыцыйныя сямейныя абярэгі: ляльку Багач – для моцнай і трывалай гаспадаркі, каб не пераводзіліся грошы, ляльку Дзесяціручку, памочніцу для маладой у хатніх справах, і ляльку Неразлучнікаў – абярэг сямейнага шчасця.

По материалам "Наш край".